ВЕСТИМО, НАШИ НОВОСТИ Среда, 15-Мая-24, 13:25:08
Приветствую Вас Гость | RSS
Меню сайта

Разделы новостей
ПОЛИТИКА
ЭКОНОМИКА
ОБЩЕСТВО
СПОРТ
ТЕХНОЛОГИИ

Главная » 2008 » Ноябрь » 10 » З БЫКАВЫМ I ЛЫЖАМI
З БЫКАВЫМ I ЛЫЖАМI
09:01:36
Больш за год таму было надрукавана інтэрв’ю з кіраўніком аддзялення амбасады Швецыі ў Беларусі Стэфанам Эрыксанам, якое стане першым у кнізе «Невядомае аб вядомых». Як кажуць, з той пары ўжо шмат вады сплыло, таму са змен мы і пачнём. І размаўляць будзем менавіта на беларускай мове, бо шведскі дыпламат ведае яе лепш за некаторых беларусаў.

 – Якімі былі перамены? 

– Рознымі. Адной з самых кардынальных стала тое, што мяне прызначылі першым шведскім амбасадарам у Беларусі. Канешне, сказаць, што прызначэнне стала абсалютна нечаканым, нельга, бо дагэтуль я ўжо тры гады працаваў у Беларусі. І ўсё роўна гэта не магло быць поўнай гарантыяй прызначэння. Рады, што шведскі ўрад вырашыў менавіта так. Безумоўна, новая пасада – вялікі гонар і адказнасць. У якасці амбасадара я працую ўжо тры месяцы. Размова пакуль адбываецца ў тым жа будынку, што і ў 2007-м, але у наступным годзе нас чакае пераезд. Новы будынак будзе недалёка ад гэтага. Так, у нейкім сэнсе мая праца змянілася, аднак яе асноўныя моманты засталіся нязменнымі. Абавязкаў стала больш, але дапамагае тое, што больш стала і нас, бо раней я працаваў тут адзін. Дакладней, быў адзіным шведам. Зараз у мяне чатыры супрацоўнікі і калегі, якія прыехалі са Швецыі. Паявіліся кіраўнічыя абавязкі, чаго цалкам не было раней. Для мяне новае прызначэнне з’явілася ў нейкім сэнсе сапраўдным выклікам, бо работы стала больш і погляды на некаторыя рэчы трэба змяніць. Пакуль падабаецца. Спадзяюся, што тыя чыста практычныя моманты, якія ўзнікаюць, калі ствараеш амбасаду, з цягам часу адыдуць у бок. У мінулым было прасцей. Калі існавала аддзяленне, я працаваў там адзін. Можна сказаць, кіраўнік і падначалены ў адной асобе. Зараз сітуацыя змянілася. Да адміністрацыі амбасады ўзнікае шмат патрабаванняў, і гэта ў нейкім сэнсе стамляе. Спадзяюся, што праз некаторы час усё ўсталюецца. Летам быў у Швецыі на нейкіх курсах. Адзін з выкладчыкаў казаў, што самае галоўнае для кіраўніка – зрабіць так, каб была магчымасць самому не рабіць нічога. Канешне, такое не атрымліваецца, але, сапраўды, вельмі добра, калі ёсць таленавітыя калегі, якія з задавальненнем бяруцца за новыя заданні. Зразумела, калі чалавек прызвычаіўся ўсё рабіць сам, то яму трэба ў галаве зрабіць нейкую перабудову, асэнсаваць – ёсць людзі, якім можна перадаць частку сваёй работы. 

– У Беларусі вы ўжо тры гады. Значыць, у наступным годзе трэба чакаць звычайную для дыпламатаў замену? 

– Не. Мяне прызначылі яшчэ на тры. У суме, відаць, будзе шэсць год.

 Ведаю, што вы за гэты час вельмі шмат ездзілі па Беларусі, кантактавалі з людзьмі. Што больш за ўсё ўразіла? Прапаную абмежавацца толькі культурай.

 Адбылося так шмат значных і цікавых падзей, што адзін эпізод выдзеліць вельмі цяжка. Вывучэнне беларускай мовы адчыніла для мяне нямала дзвярэй у культурнае жыццё Беларусі. Кантакты з дзеячамі культуры, пісьменнікамі, музыкантамі, мастакамі, акцёрамі дапамаглі лепш зразумець беларусаў, Беларусь, вашу гісторыю. Ды і ў чыста чалавечым плане яны пакідаюць моцны адбітак. Даволі часта сустракаюся з пісьменнікамі, хаджу на канцэрты, розныя музычныя фэсты, выставы, у тэатр. Я бы мог толькі гэтым і займацца, бо запрашаюць даволі шмат, аднак, на жаль, не ўсюды магу паспець. Але мінімум раз у адзін-два тыдні імкнуся такое ўражанне атрымаць. 

– Наколькі мне вядома, вы займаецеся не толькі вывучэннем беларускай культуры, але і дапамагаеце беларусам лепш пазнаёміцца са шведскай. 

– Так, і гэта не менш важна. Мы з задавальненнем паказваем беларусам лепшыя ўзоры шведскай культуры, старажытнай і сучаснай. Цікава, калі адбываюцца нейкія перакрыжаванні, а паміж прадстаўнікамі дзвюх культур узнікаюць пэўныя кантакты. 

– Даводзілася чуць, што вас нават трэба прызначыць беларускім міністрам культуры. Канешне, гэта жарт. А зараз абсалютна сур’ёзнае пытанне. Вы, нягледзячы на тое, што існуе шмат варыянтаў перакладу на рускую мову, дапамаглі выдаць «Карлсана, які жыве на даху» і «Пэпі Доўгаяпанчоха» менавіта па-беларуску. Чаму? 

– Адразу хачу падкрэсліць, што гэта не мы, не амбасада. Канешне, наша падтрымка была, але сама ідэя ўзнікла не ў мяне. Яна прыналежыць беларускім энтузіястам. Мы толькі дапамаглі ўстанавіць кантакты са Шведскім інстытутам, які палічыў, што гэта вельмі добрая ідэя. Аказалася, што раней былі пераклады на беларускую мову твораў нашай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн. Вось «Браты Львінае сэрца» 12 тысяч асобнікаў. Для 1997 года, пагадзіцеся, вельмі не дрэнна. Трохі пазней выйшла «Кніга Лота». Гэта дапаможнік па вывучэнні англійскай мовы. Ведаю, што водгукі на дзве выданыя кнігі былі вельмі станоўчымі, а перакладчыкі зараз рыхтуюць працяг, бо таго ж «Карлсана» пакуль што выйшла толькі першая частка. Мару, што будуць пераклады іншых твораў шведскіх пісьменнікаў. І гэта не толькі казкі, але і сучасная шведская літаратура. Спадзяюся таксама, што беларускія выдаўцы будуць выказваць цікавасць і надалей. А што датычыцца ўзгаданых кніг, то яны былі выдадзены менавіта на беларускай мове не выпадкова, а для таго, каб у бацькоў і дзяцей такая магчымасць была ўвогуле. Магу таксама дадаць, што зараз ёсць некаторыя дасягненні і ў перакладзе беларускай літаратуры на шведскую мову. У нас былі надрукаваны два вашыя творы. Першы выпадак, калі пераклад рабіўся непасрэдна з беларускай мовы на шведскую, а не «праз» рускую, як гэта было з кнігай «Кар’ер» Васіля Быкава. На гэты раз аповесць Быкава «Афганец» пераклалі «без пасярэднікаў». Як і кнігу Барыса Пятровіча. Як вядома, яго «Фрэскі» – даволі аб’ёмная рэч. На шведскай мове будзе не ўсё, а толькі выбарка літаратурных эсэ. 

– «Афганец» перакладалі вы? 

– Не. Гэта зрабіў прафесійны шведскі перакладчык, які прыязджаў сюды некалькі разоў. Раней ён валодаў толькі рускай мовай, а зараз перакладае і з беларускай. А Пятровіча перакладаў ваш суайчыннік Зміцер Плакс, які даўно жыве ў Швецыі. Ён ужо здольны перакладаць на шведскую мову. Так што нейкая база для такой работы створана, і гэта дае надзею на тое, што «працэс пойдзе». 

– За тры гады вы праехалі амаль усю Беларусь. Што ўразіла больш за ўсё?

 – Калі гаварыць пра прыроду, то гэта Белавежская пушча. Я быў там некалькі гадоў таму. Вельмі спадабалася і Палессе. Летам адпачываў на Прыпяці. Цяжка было дайсці, аднак я дабраўся да сапраўднага беларускага балота. А вясной гэтага года быў у азёрным краі, на Браслаўшчыне. Прыродныя мясціны там унікальныя. Даводзілася бываць і на Нарачы. 

– На фота вы таксама каля вады. 

– Гэта Пціч. А ў руках – водныя лыжы. 

– Вы на іх катаецеся?

 – На жаль, гэтым летам пакатацца атрымалася не так шмат. То з’язджаў, то не вельмі спрыяла надвор’е. Натуральна, што, як швед, я валодаю і звычайнымі лыжамі, і горнымі. А водныя асвоіў толькі ў Беларусі. Так атрымалася, што выпадкова ўсім калектывам паехалі на вядомую лодачную станцыю. Каб зразумець, што гэта такое, адзін раз паспрабаваў. Спадабалася. Водныя лыжы сталі маім чарговым хобі. Мінулым летам мы былі там усёй сям’ёй, і мае дзеці таксама паспрабавалі водныя лыжы. І ім таксама спадабалася. Па ўзросце я ўжо не магу стаць прафесіяналам, але як аматар катаюся нядрэнна. 

– Вы катаецеся толькі ў Беларусі?

 – Так. У Швецыі ў юнацтве адзін раз паспрабаваў, але гэта можна не лічыць.
 
Аляксандр ТАМКОВІЧ 









Категория: ОБЩЕСТВО | Просмотров: 1314 | Добавил: Himera
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]
Форма входа

Календарь новостей
«  Ноябрь 2008  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930

Поиск

Друзья сайта

Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Sergey(aka)HIMERA © 2024